Дзяржаўная сімволіка

 

У адпаведнасці з артыкулам 19 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з'яўляюцца яе Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн.

  Прававое рэгуляванне, парадак выкарыстання і апісанне дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь, устаноўленых Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, вызначаюцца Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 лiпеня 2004 г. нумар 301-З "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь".

Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь

  Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, уяўляе сабой прамавугольнае палотнішча, якое складаецца з дзвюх гарызантальна размешчаных каляровых палос: верхняй – чырвонага колеру шырынёй 2/3 і ніжняй – зялёнага колеру 1/3 шырыні сцяга.

  Каля дрэўка вертыкальна размешчаны беларускі нацыянальны арнамент чырвонага колеру на белым полі, які складае 1/9 даўжыні сцяга. Суадносіны шырыні і даўжыні сцяга – 1:2. Сцяг мацуецца на дрэўцы (флагштоку), якое фарбуецца ў залацісты (вохра) колер.

Пры цырымоніях і іншых урачыстых мерапрыемствах Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь выкарыстоўваецца з наканечнікам ромбападобнай формы з выявай пяціканцовай зоркі, аналагічнай яе выяве на Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь. Наканечнікі вырабляюцца з металу жоўтага колеру.

  Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь узнімаецца або ўстанаўлiваецца:

· на будынку рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – пастаянна;

· на будынках Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь – пастаянна;

· на будынку Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь – пастаянна;

· на будынках органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь – пастаянна;

· на будынках судоў Рэспублікі Беларусь, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў – пастаянна, а над будынкамі, у якіх праводзяцца пасяджэнні мясцовых Саветаў дэпутатаў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, – на час правядзення пасяджэнняў;

· на будынках, тэрыторыях і сродках перамяшчэння дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў, на будынках гандлёвых устаноў Рэспублікі Беларусь, што знаходзяцца за мяжой, на марскіх суднах і іншых сродках перамяшчэння, на якіх у якасці афіцыйных асоб знаходзяцца Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь, Старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь або іншыя асобы, якія прадстаўляюць Нацыянальны сход Рэспублікі Беларусь або Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь, – у парадку, вызначаемым Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь;

· у памяшканнях для галасавання – у дні выбараў і рэферэндумаў;

· у вайсковых часцях Рэспублікі Беларусь згодна з вайсковым статутам;

· на пагранічных заставах і прапускных пунктах (мытнях) Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь;

· на марскіх суднах, суднах рачнога флоту, зарэгістраваных у Рэспубліцы Беларусь;

· на спартыўных арэнах – у час правядзення чэмпіянатаў і першынстваў Рэспублікі Беларусь, міжнародных спартыўных спаборніцтваў з удзелам нацыянальных зборных і ў час узнагароджання беларускіх спартсменаў – пераможцаў міжнародных спаборніцтваў;

· на іншых аб'ектах у адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з рашэннем Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, мясцовых Саветаў дэпутатаў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

· Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь можа быць узняты таксама на цырымоніях і іншых урачыстых мерапрыемствах, якія праводзяцца дзяржаўнымі і грамадскімі органамі, прадпрыемствамі, арганізацыямі і ўстановамі, у час народных, працоўных, сямейных свят і ў іншыя памятныя дні.

Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь

  Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь з’яўляецца сімвалам дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь.

  Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой размешчаны ў сярэбраным полі зялёны контур Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, накладзены на залатыя прамяні ўзыходзячага над зямным шарам сонца. Уверсе поля знаходзіцца пяціканцовая чырвоная зорка. Герб абрамляе вянок з залатых каласоў, пераплеценых справа кветкамі канюшыны, злева – кветкамі лёну. Вянок тройчы абвіты з кожнага боку чырвона-зялёнай стужкай, у сярэдняй частцы якой у аснове Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь у два радкі напісаны золатам словы: “Рэспубліка Беларусь”.

  Выява Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь змяшчаецца:

·    на будынку рэзідэнцыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, на будынках палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь, міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь, на будынках мясцовых Саветаў дэпутатаў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, судоў, органаў Пракуратуры Рэспублікі Беларусь, на будынках дыпламатычных і консульскіх прадстаўніцтваў, гандлёвых устаноў Рэспублікі Беларусь, якія знаходзяцца за мяжой; у памяшканнях шэрага іншых дзяржаўных устаноў;

· на пячацях і бланках дакументаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Парламента, Урада, міністэрстваў, дзяржаўных камітэтаў Рэспублікі Беларусь і г.д.;

·    на каштоўных паперах, аблігацыях, паштовых марках і латарэйных білетах Рэспублікі Беларусь;

·   на пашпартах грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама на дыпламатычных і іншых замежных пашпартах, якiя выдаюцца грамадзянам Рэспублiкi Беларусь;

·  на пагранічных слупах, якiя ўстанаўлiваюцца на Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь, а таксама ў пунктах пропуску праз яе.

Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь

  Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь уяўляе сабой музычна-паэтычны твор, якi выконваецца ў выпадках, прадугледжаных Законам Рэспублікі Беларусь ад 5 лiпеня 2004 г. нумар 301-З "Аб дзяржаўных сімвалах Рэспублікі Беларусь" і іншымі заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.